юрыдычны і паліт. акт, прыняты Радай Беларускай Народнай Рэспублікі (Радай БНР) 25.3.1918 у Мінску пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Прынята па ініцыятыве прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады на чале з А.І.Луцкевічам большасцю галасоў. Пры галасаванні ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўр.сацыяліст. рабочай партыі, ЯСДРП (Паалей Цыёна) і рас. сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з Рады БНР. Трэцяй Устаўнай граматай Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнаю і вольнаю дзяржавай, скасоўваліся старыя дзярж. сувязі; Народнаму сакратарыяту Беларусі даручалася прапанаваць усім зацікаўленым бакам перагледзець тую частку Брэсцкага міру 1918, што датычыла Беларусі, самастойна падпісаць мірны дагавор з дзяржавамі, якія ваявалі. Аб будучых дзярж. сувязях павінны былі вырашыць самі народы Беларусі ў асобе Устаноўчага сойма. Называліся канкрэтныя тэрыторыі, якія павінны ўвайсці ў склад БНР: Магілёўшчына, бел. часткі Міншчыны і Віцебшчыны, Гродзеншчыны (з гарадамі Гродна і Беласток), Віленшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губ., заселеных беларусамі (меліся на ўвазе Сувалкаўская і Ковенская губ.). У грамаце пацвярджаліся правы і свабоды грамадзян, гарантаваныя Другой Устаўнай граматай.
А.М.Сідарэвіч.
Трэцяя Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.